analitic_aug20 (analitic_aug20) wrote,
analitic_aug20
analitic_aug20

Руткоўскі П. Беларусы змяніліся за апошнія дзесяць год. Аб гэтым сведчыць 7-ая хваля апытанняў

Найістотнейшай зменай стаў рост веры ва ўласныя сілы. "Вывучаная бездапаможнасць" саступае месца аўтаномнаму дзеянню
Два тыдні таму з'явіліся вынікі 7-ай хвалі апытанняў Сусветнага агляду каштоўнасцяў (World Value Survey, далей – WVS).

Сем важных абшараў, у якіх адбыліся каштоўнасныя зрухі
1. Беларусы сталі больш шчаслівымі
Цягам апошняй дэкады значна ўзрасла колькасць беларусаў, якія лічаць сябе «вельмі» або хаця б «адносна» шчаслівымі: з 64% да 89%. Колькасць «зусім нешчаслівых», а таксама тых, хто не могуць разабрацца ва ўнутраным стане (адказы «Не ведаю») знізілася да ўзроўню статыстычнай пагрэшнасці.
1
Падобная змена – хоць менш яскравая – адбылася ў абшары суб'ектыўнай ацэнкі ўласнага здароўя. Сумарная колькасць ацэньваючых сваё здарое як «кепскае» або «вельмі кепскае» зменшылася на 4%, падчас як колькасць ацэньваючых як «добрае» або «вельмі добрае» павялічылася на 11%.
У адказ на пытанне пра «задаволенасць сваім жыццём» таксама назіраецца пазітыўная дынаміка: сярэдняе значэнне задаволеных напрыканцы дэкады – 6,85, а на пачатку дэкады яно складала 5,78. Прычым рэзка ўзрасла колькасць тых, хто сваю задаволенасць жыццём ацанілі на 10 балаў (па дзесяцібальнай шкале): на пачатку дэкады такіх было 4%, напрыканцы – 10%. Гэта самы лепшы паказнік за ўвесь трыццацігадовы перыяд.
Апытанне 7-ай хвалі праводзілася яшчэ да каронавіруснай пандэміі і, хутчэй за ўсё, да пачатку эканамічнай рэцэсіі ў Беларусі. Ці маглі гэтыя знешнія фактары паўплываць на зніжэнне самаадчування беларусаў у плане шчаслівасці, суб'ектыўнага здароўя або задаволенасці ўласным жыццём?
Гэтыя фактары маглі паўплываць – і паўплывалі – на расклад песімістычных/аптымістычных настрояў наконт будучыні краіны. Аб гэтым сведчаць апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні і EU Neighbours East. Але наўрад ці гэта паўплывала на самаўспрыманне ў якасці шчаслівага/нешчаслівага або задаволенасць жыццём. Апошняе цесна звязана з падыходам да жыцця – вера ва ўласныя сілы, зніжэнне патэрналісцкіх чаканняў і пад. Грамадска-палітычныя умовы не іграюць тут ключавога значэння.
2. Рэзка знізілася доля патэрналісцкіх настрояў на карысць асабістай адказнасці
Цягам апошніх дзесяці гадоў амаль у тры разы зменшылася колькасць рашучых прыхільнікаў тэзы, што добраўпарадкаванне жыцця людзей – гэта задача дзяржавы. Пры гэтым амаль у чатыры разы павялічылася колькасць тых, хто лічаць, што людзі самі павінны браць адказнасць у свае рукі (гл. графік 2).
А не было б такога росту прыхільнікаў «асабістай адказнасці», калі б за гэтым не стаяў канкрэтны досвед. Ці то дробныя бізнесоўцы, ці айцішнікі, ці проста кемныя рабацягі, хутчэй за ўсё, перажылі сітуацыі, у якіх справы пайшлі на папраўку тады, калі яны пераставалі чакаць дапамогі "зверху", а самі актыўна ўключаліся ў стварэнне лепшых умоў.
2
Гэтыя дадзеныя стануць яшчэ больш пераканаўчымі, калі супаставім іх з паказнікамі ўспрымання ролі асабістай свабоды і магчымасці ўплываць на ход падзей – гл. наступны пункт.
3. Звужаецца феномен «вывучанай бездапаможнасці»
Цягам апошняй дэкады заходні свет апладзіраваў Ювалю Харары, які ў сваіх кнігах даводзіў, што свабодная воля – фікцыя і што чалавек заўжды залежыць ад сляпых гістарычных, біялагічных ды інфармацыйных сілаў. На злосць Харары і яго прыхільнікам, у Беларусі за гэты час у два разы вырасла колькасць рашучых прыхільнікаў пераканання, што ў іх ёсць поўная свабода выбару і што яны самі могуць уплываць на сваё жыццё – гл. графік 3.
3
На фоне гэтых дадзеных становіцца больш зразумелым зніжэнне патэрналісцкіх настрояў: вера ва ўласныя сілы цесна звязана з устаноўкай на зніжэнне ролі дзяржавы ў вырашэнні надзённых праблем. Цесна з ёй звязаны таксама дзве іншыя змены: у стаўленні да канкурэнцыі і няроўнасці ў даходах – гл. наступныя два пункты.
4. Канкурэнцыя – добрая рэч
Беларусы і раней не былі заядлымі сацыялістамі і схільны былі прызнаваць вартасць канкурэнцыі (тут падразумяваецца перадусім эканамічная канкурэнцыя). Але цягам апошніх дзесяці год адбыўся выразны зрух у напрамку пераканання, што канкурэнцыя – добрая рэч. Колькасць тых, хто рашуча падтрымліваюць гэта перакананне (опцыя «1» або «2» на графіку 4) узрасла з 30% да 51%.
4
5. Няроўнасць у даходах стымулюе развіццё
Цікава, што не толькі ідэя канкурэнцыі здабывае прыхільнікаў, але таксама пазітыўнае ўспрыманне няроўнасці даходаў. Даходы, у адрозненне ад ідэі канкурэнцыі, – гэта нешта канкрэтнае, элемент надзённага досведу, таму выпадала б чакаць, што людзі будуць больш асцярожнымі ў сваім стаўленні да няроўнасці даходаў.
Што ж, рашучых прыхільнікаў тэзы, што няроўнасць у даходах – пазітыўная з'ява, нашмат менш, чым рашучых прыхільнікаў канкурэнцыі. Але і тут дынаміка вельмі выразная: на пачатку дэкады толькі 8% схільны былі аберуч (на «10» або «9») падтрымаць філасофію развіцця-праз-няроўнасць. Напрыканцы дэкады такіх ужо стала амаль у тры разы больш: 23% - гл. графік 5.
5
У цеснай повязі з усімі гэтымі зрухамі адбыўся таксама рост прыхільнікаў прыватнай уласнасці. Адсотак тых, хто абазначыў сваю прыхільнасць да пашырэння прыватнага сектару эканомікі на «10» або «9» (па дзесяцібальнай шкале) павялічыўся 18% да 22%. Адначасова знізілася – хоць нязначна – колькасць рашучых прыхільнікаў дзяржаўнай уласнасці.
6. Беларусы вяртаюцца ў палітыку. Але з аглядкай
У абшары палітычных каштоўнасцяў – на першы погляд – няма выразных зменаў. З аднаго боку, узрасла колькасць тых, хто цікавіцца палітыкай, хто гатовы падпісваць петыцыі або хто гатовы быў бы далучыцца да неафіцыйнага страйку.
З другога боку, знізілася колькасць тых, хто гатовы далучыцца да мірных дэманстрацый, а колькасць гатовых падтрымаць байкот засталася прыблізна нязменнай. Пры гэтым варта пазначыць, што па ўсіх гэтых параметрах колькасць «апалітычных» выразна пераважае над колькасцю «палітычна-зацікаўленых».
На графіку 6 можна пабачыць вылічэнні «перавагі апалітычных», якія былі зроблены наступным чынам: колькасць тых, хто не падтрымліваюць дадзеную пазіцыю або не жадаюць ангажавацца ў дадзенае дзеянне мінус колькасць тых, хто падтрымлівае або жадае ангажавацца. Астэрыксам (*) пазначаны дадзеныя, якія ўзяты з 5-ай хвалі апытанняў, паколькі ў 6-ай хвалі яны адсутнічаюць.
6
Калі глянем на сітуацыю з перспектывы апошніх 25 гадоў («лукашэнкаўская эпоха»), то можам заўважыць спыненне або нават разварот трэнду дэпалітызацыі. Дзеля прыкладу, пачынаючы з сярэдзіны 90-ых гадоў аж да пачатку 2010-ых няспынна павялічваўся разрыў паміж колькасцю тых хто «цікавіцца палітыкай» і тых, хто «не цікавіцца» - на карысць апошніх.
Вось жа гэты трэнд праламіўся цягам апошняй дэкады: упершыню за апошнія 25 гадоў колькасць «цікавячыхся» пачала павялічваюцца на фоне змяншэння колькасці тых, хто «не цікавіцца». Па іншых параметрах можна назіраць падобныя зрухі; што праўда, там ёсць розныя нюансы, якія патрабуюць дадатковага аналізу.
7. На месца павярхоўна-рэлігійнай большасці прыходзіць глыбока-веруючая меншасць
Вартыя таксама ўвагі змены ў сферы рэлігійных каштоўнасцяў. Па-першае, упершыню за 30 гадоў знізілася доля тых, хто лічыць, што Бог важны ў іх жыцці. Да пачатку дэкады адбываўся рост колькасці тых, хто прыпісваў важнасць прысутнасці Бога (або веры ў Бога) у жыцці і ў 2010-2014 гадах сярэдні паказнік «важнасці Бога» склаў 6,5. Напрыканцы дэкады гэты паказнік знізіўся да 5,8.
Па-другое, упершыню за 30 год знізілася колькасць тых, хто лічаць сябе веруючымі: з 85% на пачатку дэкады да 74% напрыканцы яе. (Цягам 1990–2014 гадоў дынаміка была пазітыўнай). Пры гэтым крыху павялічылася доля перакананых атэістаў: з 14% да 18%. Павялічылася колькасць тых, хто ў адказ на пытанне пра тое, ці вераць яны ў Бога, выбралі варыянт «Не ведаю», што можа сведчыць аб росце колькасці агностыкаў.
Апроч таго, знізілася колькасць тых, хто лічаць сябе «рэлігійнымі людзьмі» і запаволіўся рост «уцаркоўленых» веруючых – тых, хто як мінімум раз на месяц наведваюць богаслужэнні.
Разам з гэтым выразна ўзрасла доля глыбока веруючых: колькасць тых, хто моліцца некалькі разоў у дзень вырасла за апошнія дзесяць год з 6% да 14%. Такім чынам, можам канстатаваць спыненне росту павярхоўна-рэлігійнай большасці на фоне павелічэння дзвюх меншасных опцый: (1) паглыбленай веры, якая перадусім выражаецца ў частай малітве; (2) перакананага атэізму.
Сінтэз і высновы
На падставе праведзенага агляду можна канстатаваць наступнае:
1. Адыход ад наканавальніцтва. Самай, бадай, істотнай зменай за апошнюю дэкаду стаў рост веры беларусаў ва ўласныя сілы. Колькасць фаталістаў (нічога ад мяне не залежыць) зменшылася, затое ў два разы павялічылася колькасць рашучых прыхількаў погляду, што яны самі кантралююць і вызначаюць сваё жыццё. Зніжэнне патэрналісцкіх чаканняў, пераасэнсаванне ролі канкурэнцыі, больш талерантнае стаўленне да няроўнасці даходаў, адыход ад рэлігійнага канфармізму на карысць або глыбокай веры або атэізму – усё гэта заканамерныя спадарожнікі трэнду аўтанамізацыі чалавечай асобы.
З гледзішча перспектыў дэмакратызацыі і пабудовы адкрытага грамадства адыход ад наканавальніцтва мае нашмат большае значэнне, чым, напрыклад, гатоўнасць удзельнічаць у дэманстрацыях або падпісваць петыцыі. Гатоўнасць да грамадскага актывізму – гэта сітуацыйны паказнік, які можа хутка і радыкальна змяніцца ў залежнасці ад абставінаў (абуральныя дзеянні ўладаў, уяўная слабасць рэжыму, пашырэнне адчування, што «нас многа» ігд.). Наканавальніцтва vs вера ва ўласныя сілы – гэта больш глыбокія ментальныя ўстаноўкі, якія даўжэй фармуюцца і не дужа падатлівыя на сітуацыйныя фактары.
2. Пазітыўныя зрухі на фоне еўраскептыцызму. Варта заўважыць, што пералічаныя вышэй зрухі ў напрамку аўтанамізацыі адбываюцца на фоне высокага ўзроўню крытыцызму ў стасунку да Еўразвязу (ЕЗ) і заходніх каштоўнасцяў у цэлым. Хоць цягам апошніх двух гадоў колькасць прыхільнікаў гіпатэтычнай еўраінтэграцыі павялічылася і на пачатку 2020 года склала 32%1, то ўсё-роўна Беларусь застаецца самай еўраскептычнай краінай Усходняга партнёрства2. Большасць беларусаў надалей лічыць, што ЕЗ не спрыяе захаванню традыцыйных каштоўнасцяў беларускага грамадства. Утрымліваецца таксама высокі ўзровень сімпатыяў да Расіі і Еўразійскага эканамічнага саюзу.
Тое, што еўраскептыцызм і адчужанасць ад заходняга свету не перашкодзілі беларусам фармаваць веру ва ўласныя сілы і індывідуалістычны этас – гэта добры знак. Гэта, хутчэй за ўсё, азначае, што абазначаныя вышэй пазітыўныя трэнды не з'яўляюцца прадуктам мімалётнай імітацыі, а вынікаюць з глыбокіх ментальных трансфармацый.
3. Выбары-2020 як прадукт і стымул каштоўнасных трансфармацый. Сёлетнія выбары можна назваць кантрольным практыкаваннем па пераходзе ад устаноўкі «ад мяне нічога не залежыць» да «ад мяне шмат што залежыць».
Прыходу Віктара Бабарыкі ў палітыку папярэднічаў перыяд дыскусій вакол «вывучанай бездапаможнасці», вынікам якой стала перакананне, што гэта ўсяго толькі «вымушаная бездапаможнасць», якая не пусціла глыбокіх каранёў і можа быць пераадолена. Кампанія аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы сканцэнтравана вакол простай ідэі – вяртання народу права выбару, гэта значыць, легальных інструментаў уплыву на грамадскае жыццё і палітыку.
Палітычнае ажыўленне апошніх двух месяцаў часткова абумоўлена сітуацыйнымі фактарамі: нечаканае з'яўленне трох яркіх фігур (Бабарыка, Цапкала, Сяргей Ціханоўскі), а пасля іх нейтралізацыі – аб'яднанне трох спадарынь як прадстаўніц гэтых трох фігураў і крэатыўная адаптацыя выбарчай аджэнды. Але ёсць яшчэ адзін фактар, які мае не сітуацыйны, а даволі трывалы характар – каштоўнасныя змены ў беларускім грамадстве. Без іх наўрад ці мы назіралі б палітычнае ажыўленне. Цалкам імаверна, што без іх навізна бягучай кампаніі закончылася б пасля арышту Сяргея Ціханоўскага.
Незалежна ад зыходу сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі, прэсінг каштоўнасных зменаў на палітыку працягнецца.


(с)
Tags: Беларусь, Руткоўскі, социология, ценности, эмпирика
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments