analitic_aug20 (analitic_aug20) wrote,
analitic_aug20
analitic_aug20

Шчытцова Т. Нацыянальнае пытанне і вяртанне метафізікі. Да 70-годдзя Валянціна Акудовіча

Сёлета ў чэрвені споўнілася 70 гадоў найбольш вядомаму сучаснаму беларускаму мысляру – Валянціну Акудовічу. Найвышэйшая ступень у дадзеным выпадку – не рытуальная даніна юбілею. Хутчэй юбілей – прыдатная нагода, каб пазначыць гэты факт ва усёй ягонай важкасці.
Для аўдыторыі, якая не чытае па-беларуску, Акудовіч вядомы дзякуючы перакладу на рускую, а таксама на нямецкую мовы яго кнігі «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007) – гэта ў многіх адносінах найлепшая на сённяшні дзень трактоўка праблемы нацыянальнай самасвядомасці ў постсавецкай Беларусі.
Будучы падкрэслена апалітычным (прынцыпова «пазапартыйным») у паўсядзённым сацыяльным жыцці, Акудовіч у сваёй аналітыцы нацыянальнага пытання фармулюе тэзісы, якія – ні многа, ні мала – мяняюць існуючую дыспазіцыю двух вобразаў нацыі як палітычнай супольнасці, а менавіта, класічную апазіцыю моўна-этнаграфічнага і грамадзянскага нацыяналізмаў. Пазначаючы неабходнасць «спыніць вайну двух нацыяналізмаў», Акудовіч прапануе рашэнне, якое робіць яго сваім сярод чужых, чужым сярод сваіх. Яго думка катэгарычна разыходзіцца з ідэалогіяй «адраджэнцаў», нягледзячы на тое, што ўключае ў сябе сакралізацыю беларускага этнасу. У сваю чаргу, ідэйная згода Акудовіча з прадстаўнікамі грамадзянскага нацыяналізму датычна «паразы» і бесперспектыўнасці этнанацыяналістычнай ідэалогіі ў Беларусі не знаходзіць падмацавання – аднолькавай аднадушнасці – на тым фундаментальным узроўні, які Андэрсан назваў «эмацыйнай легітымнасцю» нацыянальнай свядомасці: для Акудовіча і адэптаў грамадзянскага нацыяналізму Беларусь як рэферэнт выказвання мае рознае афектыўнае напаўненне. Пры гэтым адзначанае несупадзенне з умоўнымі «пераможцамі» не суб’ектыўны атавізм прымардыялізму, а наступства ўсведамлення важнасці канцэптуалізацыі сінгулярнасці гісторыі Беларусі – задачы, якая не ўпісваецца ў рамкі фармальнага/універсальнага канцэпту грамадзянскага нацыяналізму. Такім чынам, сама дыхатамія – і палітычная дылема – «этнічны або грамадзянскі» адхіляецца Акудовічам як контрпрадуктыўная.
Думка Акудовіча разгортваецца як а-тапон, гэта значыць па-сакратаўску: ня супадаючы з наяўным становішчам спраў (наяўнай дыспазіцыяй-апазіцыяй), яна шукае магчымасць новага абгрунтавання нацыянальнага пытання, спалучаючы ў сабе, як і належыць, вельмі правакатыўную эленктыку з вынаходлівай маеўтыкай. Эленктыка – выкрыванне ілжывых уяўленняў: аб актуальнасці апазіцыі двух нацыяналізмаў і неабходнасці развіваць этнанацыяналізм як палітычную праграму, аб «каланізаванай беларускай нацыі» і рэлевантнасці посткаланіяльнага дыскурсу для Беларусі, аб паслядоўным гістарычным развіцці беларускай нацыі і магчымасці крышталізацыі гэтай гісторыі ў выглядзе нейкай ідэі Беларусі. Маеўтыка – стварэнне цыкла тэкстаў, якія пазначаюць новыя інтэлектуальныя хады і метафары для пераасэнсавання такой экзістэнцыйнай фактычнасці («неміласэрнага кона»), як быццё-беларусамі. Варта падкрэсліць: у спісе ілжывых уяўленняў няма грамадзянскага нацыяналізму; ён не ілжывы – яго недастатковасць у тым, што ён per definitionem не можа ўбачыць/апазнаць тое, што горача імкнецца асэнсаваць Акудовіч: Беларусь як унікальны быційна-гістарычны феномен.
Менавіта ў частцы маеўтыкі завязваецца самая галоўная – экзістэнцыйная і філасофская – інтрыга ў творчасці беларускага мысляра: нельга наўпрост прымусіць іншага падзяліць тваю страсць (менавіта гэтага, падобна, ці не разумеюць, ці не могуць дараваць «чужым» прыхільнікі этнанацыяналізму), аднак можна пайсці па шляху, засвоеннаму Сакратам і Кіркегорам, – шляху інтэлектуальнага спакушэння, шляху inter-esse. Для гэтага, вядома, замест ідэалагічнага ціску, патрабуецца мысленне, не скаванае ніякім «-ізмам», уключаючы, што характэрна, і постмадэрнізм — парадыгму, якую Акудовіч вітае, выкарыстоўвае (прапаноўваючы, напрыклад, трактаваць «Беларусь як дыскурс») і … рухаецца далей. Наперадзе – terra incognita пад назвай «пасля постмадэрнізму».
У 2012 годзе выходзіць кніга, у якой з найбольшай выразнасцю артыкуляваныя арыгінальнасць і канцэптуальная прэтэнзія творчай спадчыны Акудовіча: «Кніга пра Нішто». У яго мысленні сыходзяцца і фундыруюць адна адну дзве задачы: першая тычыцца феномену Беларусі, другая – сітуацыі мыслення пасля постмадэрнізму. Ён працуе з двума актуальнымі запытамі: з неабходнасцю зразумець, па-першае, што гэта значыць (як гэта?) – быць-беларусамі, або ў якіх тэрмінах сёння рэлевантна казаць пра нацыянальную асаблівасць Беларусі, і, па-другое, ці магчыма – і калі так, то ў якім выглядзе – вяртанне метафізікі пасля дэканструявання ўсёй еўрапейскай традыцыі – ад антычнасці да Хайдэгера. «Нішто» ў назве кнігі – гэта сімвалічнае абазначэнне рэгістра перасячэння названых запытаў і адначасова – абазначэнне адказу на кожны з іх. Гісторыя Беларусі, памысная, паводле сцвярджэння Акудовіча, толькі як «перапляценне разрываў паміж яе рознымі гісторыямі», выступае ў кнізе унікальнай экзэмплярнай глебай для прад’яўлення канстытутыўный – і нават прадуктыўнай – работы метафізікі адсутнасці:
Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца праз «няма», якое мы выношваем у сярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячэгоддзе? /…/ мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тасячагоддзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае «Няма» як самы надейны шлях праз час і быццё».
Акудовіч лічыць неабходным перагледзець значэнне Нішто як філасофскай універсаліі ў еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі і робіць накід канцэпцыі метафізікі адсутнасці, у якой праца Нішто адрозніваецца і ад апафатычнага дыскурсу, і ад гегелеўскай апасрэдуючай негацыі, і ад сартраўскага ніштожання. Акудовіч нібы ідзе па следзе адсутнасці, неаднаразова падкрэсліваючы неадпаведнасць мовы, сфармаванай ў рамках анталягічнай парадыгмы (метафізікі прысутнасці), для канцэптуалізацыі адсутнасці як метафізічнага прынцыпу.
Унікальнасць і філасофская інтрыга творчасці Акудовіча караняцца ў тым, што само яго мысленне – як рэфлексіўная праца і як гістарычны/біяграфічны факт – ёсць выяўленне названага вышэй перасячэння гісторыі Беларусі і вяртання метафізікі. Гэта азначае, што тое, «адкуль» разгортваецца мысленне Акудовіча, – яго няўлоўны выток, – і ёсць праца «адсутнасці», адсачыць якую можна толькі перфарматыўным чынам.
(с)
Tags: Беларусь, Щитцова, нация, рефлексия, философия
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments